Мерапрыемства, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы

19.02.2021

19 лютага 2021 года ва ўстанове адукацыі адбыўся шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы. Раніцай вучні і настаўнікі сталі ўдзельнікамі акцыі “Маё любімае беларускае слова”. Трэба адзначыць, што самымі любімымі сталі словы “жыццё”, “каханне”, “шчасце”, “мара”, “натхненне”, “замілаванне”, “дабрабыт”, “сонейка”.

Вучні восьмых-дзявятых класаў прадэманстравалі веды беларускай мовы ў інтэлектуальнай гульні “Размаўляем па-беларуску”, дзе ў іх была магчымасць пабыць у ролі і перакладчыкаў, і паэтаў, і мастакоў, і навукоўцаў. Упэўненую перамогу атрымалі вучні дзявятага класа. У панядзелак аналагічная гульня будзе арганізавана з вучнямі 5-7 класаў.
Настаўнікі ж таксама атрымалі магчымасць паказаць свае веды беларускай мовы, стаўшы на некаторы час вучнямі і напісаўшы адзіны дыктант “Багацце нашай зямлі”. Дыктант выклікаў зацікаўленасць сярод настаўнікаў, а добрыя вынікі сведчаць пра тое, што беларуская мова, сапраўды, з’яўляецца для кожнага ўдзельніка роднай.

На трэцім паверсе школы арганізавана выстава “Смак роднай мовы”. Цікавыя беларускія словы прыцягваюць увагу не толькі дзяцей, але і дарослых, прымушаюць іх зазірнуць у слоўнік і знайсці тлумачэнне таго ці іншага слова. Кожнаму вучню, пачынаючы з другога класа, прапанавана стаць шукальнікам цікавых беларускіх слоў і стаць удзельнікам выставы.